Видео «БелГазеты»
Опрос онлайн
Координатор кампании «За справедливые выборы» Виктор Корнеенко считает, что «более грязной избирательной кампании, чем прошедшие местные выборы, в Беларуси еще не было». А вам как выборы?
нормально, недорого выпили и закусили на участке
отлично - это было поистине честные и справедливые выборы
я в шоке от использования административного принуждения при досрочном голосовании
не удивился фальсификациям и избирательным «каруселям»
удовлетворен, что оппозиционные кандидаты провалились
Недаробленыя
12.02.2018, Кiрыл Жываловiч

Такой да сябе ўвагі, як на мінулым тыдні, нядаўнія медыябосы краіны - Павел Якубовіч, Генадзь Давыдзька і Юры Казіятка - не атрымаюць больш ніколі ў жыцці. Каму-небудзь з іх напэўна яшчэ перападзе кавалачак грамадскай увагі пры смерці, але гэта ўжо не факт, не ў такой колькасці і не для ўсіх. Зорны час гэтых людзей здарыўся і назаўжды застаўся ў мінулым.

Адстаўкі заўсёды цікавей прызначэнняў, таму навіна аб змене кіраўнікоў найбуйнейшых дзяржаўных СМІ выклікала павышаную цікавасць не толькі ў прафесійных колах. Розныя эксперты далі свае ацэнкі, а аналітыкі падзяліліся прагнозамі і здагадкамі аб тым, куды галоўныя караблі айчыннай прапаганды паплывуць з новымі капітанамі.

Але такія развагі бессэнсоўныя, таму што караблі, якія даўно не плывуць па вадзе, а затрымаліся пасярод пустыні, не прымусяць скрануцца з месца ніякія падзеі і ні адзін капітан у свеце. «БТ», «СБ» і «СТБ» - гэта брэнды, якія ў такім выглядзе праіснуюць роўна столькі ж, колькі пратрымаецца ля ўлады цяперашні кіраўнік са сваёй світай. Іх будучыня ўжо прадвызначана - ад світання з сярэдзіны 90-х да заходу ў хуткай будучыні.

Значна цікавей глянуць не на будучыню СМІ, якія атрымалі новых кіраўнікоў, а на тое, як паставіліся да сваіх адставак ўчарашнія гуру і заўсёднікі «Клуба рэдактараў». Рэакцыя Казіяткi абсалютна параўнальная з узроўнем тэлеканала, які ён узначальваў, - каб назваць і тое і іншае як-небудзь інакш, чым ніякая і ніякi, неабходна валодаць адмысловымі ўменнямі і навыкамі.

Традыцыйна бліснуў сваімі акцёрскімі здольнасцямі Генадзь Давыдзька. Акцёр ёсць акцёр. Хочаш - «Пагоня» пад пінжачком на сэрцы, хочаш - сярпом і молатам па адным месцы, а калі спатрэбіцца, то спачатку «трэба адзначаць стагоддзе БНР разам», а потым страшныя гісторыі пра таемныя сувязі Адольфа Гітлера з беларускімі нацыяналістамі першай паловы 20-га ст. У ім змясцілася ўсё неабходнае для таго, каб быць ідэальным выканаўцам - што ў тэатры юнага гледача, што ў тэатры аднаго акцёра. Таму экс-кіраўнік БТ і былы дэпутат ПП НС доўга не бяздзейнічаў і ў гэты раз. Яго ўжо прызначылі дэпутатам верхняй палаты парламента - у Савет Рэспублікі.

Перш чым звярнуць увагу на рэакцыю найбольш значнага фігуранта нядаўніх падзей - Паўла Якубовіча, - трэба прызнаць, што майстэрства і прафесіяналізм некаторых людзей дазваляюць ім аказвацца ў выйгрышы нават у досыць пройгрышных сітуацыях. Большасць не здольна карыстацца хаця б тым, што ў іх ёсць, а некаторыя прымудраюцца атрымліваць выгаду і захоўваць твар у самых непрыемных становішчах.

Да людзей, якія валодаюць цэлым букетам рэдкіх якасцяў і рознабаковых уменняў, безумоўна, адносіцца і шматгадовы галоўны рэдактар «СБ» з пышнымі вусамі. І калі Давыдзька, некалькі дзён знаходзячыся ў статусе беспрацоўнага, спяшаўся ўсюды заявіць, як шмат ён зрабіў на карысць прэзідэнта і айчыны, то Якубовіч у некалькіх сваіх каментарыях акцэнтаваў увагу на іншым. На тым, што сёе-тое засталося недаробленым.

Недаробленыя справы Якубовіча - гэта не толькі гісторыя з Курапатамі. Уся газета, якую больш за 20 гадоў рабіў Якубовіч, выглядае сёння недаробленай, таму што сам Павел Ізотавіч бачыў сваю газету зусім не такой, калі яшчэ толькі марыў стаць на чале буйнога СМІ. Недаробленай яго газета выглядае і па многіх іншых прычынах, пералічваць якія, калі і ёсць сэнс, то толькі яму самому.

Існуюць прама супрацьлеглыя думкі з нагоды прыналежнасці Якубовіча да аднаго з бакоў у бясконцай бітве дабра са злом, але ён з'яўляецца ўладальнікам, як мінімум, адной унікальнай якасці. Ад усіх астатніх калегаў, якія знаходзяцца на дзяржслужбе, яго заўсёды адрознівала ўменне, а галоўнае - жаданне, шукаць і знаходзіць агульную мову. Пацвердзіць гэта можа мноства людзей. Людзей, якія сапраўды ведаюць, што ў гісторыю Якубовіч больш хацеў бы ўвайсці не як нязменны кіраўнік галоўнага друкаванага рупара Лукашэнкі, а як блiскучы публіцыст канца 80-х - пачатку 90-х.

Тугу Паўла Якубовіча ў сувязі з недаробленымі справамі нельга разумець занадта вузка. Ён наўрад ці сам скажа гэта публічна і ўслых, але недаробленыя справы і недаробленыя людзі - гэта адна з галоўных характарыстык сённяшняга дня. Мабыць, параўнацца з гэтай характарыстыкай часу можа хіба што колькасць наогул не пачатых, але важных спраў для краіны. Куды ні паглядзі - усюды недаробленыя справы, вакол недаробленыя ініцыятывы, паўсюль недаробленыя людзі.

Вось вазьміце новых кіраўнікоў найбуйнейшых дзяржСМІ, якія змянілі аксакалаў. Яны ўсе выглядаюць, як справы Якубовіча. Новы кіраўнік БТ выглядае недаробленым, таму што ў яго прамым начальнікам на працы стала яго ж жонка. Новы кіраўнік СТБ, прычым любы, таксама выглядае недаробленым, ужо толькі таму, што ўзначаліў СТБ. Цi выглядае недаробленым былы кіраўнік БелТА, якому дасталіся крэсла і трубка Якубовіча? Наўрад ці. Але гэта толькі ў тым выпадку, калі не лічыць недаробленым з некаторых пунктаў гледжання галоўнае інфармагенцтва краіны, якое шмат гадоў узначальваў спадчыннік Якубовіча.

Хоць «спадчыннік» - гэта занадта гучна сказана. У самога Якубовіча на гэтую ролю былі кандыдатуры і лепей. Але ён не паспеў іх «дарабіць» таксама. Не змог ці не захацеў - гэта не важна. Магчыма, не дарабіў, каб не псаваць агульную карціну недаробленасці. Карціну, якая перад вачыма ва ўсіх - не на глянцаванай паперы і не на блакітным экране, а ў жыцці, кожны дзень, з раніцы і да вечара, у Рэчыцы і ў Глыбокім, на заводах і ў крамах. Карціна недаробленай краіны.

Краіны, дзе недароблена ўсё - ад вясёлай шапкі кіраўніка Дзяржкантролю на лыжні і пустуючай Нацыянальнай бібліятэкі да цэнтральнай плошчы любога райцэнтра, асабліва пасля «Дажынак» і візітаў галоўнага куратара ўсіх недаробак.

Добавить комментарий
Проверочный код